СУ́МСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнУ Украіны. На Пн і У мяжуе з Рас. Федэрацыяй. Утворана 10.1.1939. Пл. 23,8 тыс. км². Нас. 1349 тыс. чал. (1999), гарадскога 60%. Цэнтр — г. Сумы. Найб. гарады: Канатоп, Шостка, Рамны, Ахтырка, Глухаў, Лебядзін.

Большая ч. тэр. вобласці знаходзіцца ў межах Прыдняпроўскай нізіны, на У і ПнУ — Сярэднярускае ўзв. (выш. да 226 м). Паверхня — хвалістая раўніна, парэзаная далінамі рэк, ярамі. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, буры вугаль. фасфарыты, мел, калійныя і каменныя солі, вапнякі, гіпс і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 19 °C, ападкаў каля 600 мм за год. Рэкі бас. р. Дняпро: Дзясна з прытокам Сейм, Сула, Псёл, Ворскла. У далінах — шматлікія азёры і сажалкі. Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя, на Пд — чарназёмы. Пад лесам і хмызнякамі каля 17% тэр., на Пн мяшаныя лясы (хвоя, бяроза, дуб), у цэнтры і на Пд лясы з ліпы, клёну, ясеню. Стэпы пераважна разараныя. У вобласці філіял Укр. стэпавага запаведніка — Міхайлаўская цаліна. Дэндрапарк Трасцянец.

Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для хім. і горнай прам-сці, помпы для цеплавых і атамных электрастанцый, кампрэсары, поршні, паліграф. машыны, электратэхн. і агрэгатныя вузлы, аўтам. тэлефонныя станцыі, электрабыт. прылады), хім. (мінер. ўгнаенні, серная к-та, кіна- і фотаплёнка, гумава-тэхн. вырабы), лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая, лёгкая (тэкст., швейная, гарбарна-абутковая), харч. (цукр., мукамольная, мяса-малочная, алейная), камбікормавая, фарфора-фаянсавая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча нафты і прыроднага газу. Вытв-сць электраэнергіі на Сумскай, Ахтырскай, Шосткінскай і Канатопскай ЦЭЦ Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні цукр. буракоў, збожжавых і на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 402 тыс. га (1999). Сеюць пшаніцу, жыта, ячмень, кукурузу, цукр. буракі, сланечнік, каноплі. Бульбаводства, агародніцтва. Развіта садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак. Пчалярства. Рыбаводства. Даўж. чыгунак 823 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 5 тыс. км. Асн. чыгунка Кіеў—Канатоп—Сумы—Харкаў, аўтадарогі Кіеў—Сумы—Курск, Сумы—Харкаў.

т. 15, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)